Новости проекта
Семь советов, как перейти на дистанционное обучение

Аглядавая экскурсія

Дата: 29 января 2019 в 20:49, Обновлено 6 февраля 2019 в 14:18

Тэма: Аглядавая экскурсія ў школьны этнаграфічны музей «Беларуская хата»

Мэта: знаёмства экскурсантаў з сялянскім побытам, асноўнымі рэчамі, іх ужываннем і выкарыстаннем у сялянскай хаце

Ход экскурсіі

Першы экскурсавод: Наш невялічкі этнаграфічны музей «Беларуская хата»

 адчыніўся, калі адраджэнне беларускай мовы толькі пачыналася, калі мова наша стала, нарэшце, дзяржаўнай.

Экспанаты былі сабраны вучнямі і настаўнікамі нашай школы. Яны знаёмяць з побытам, культурай беларусаў – людзей добрае душы і шчырага сэрца.

Другі экскурсавод: Затрымаемся каля парога, месца незвычайнага, з якім звязана многа павер’яў і абрадаў. Народная мудрасць гаворыць: «Ад парога хату не мятуць». Гэта мяжа, якая аддзяляе жыццё ад знешняй прасторы.

«Перад дарожкаю прысядзь ля парожка», – казала нам маці, выпраўляючы з хаты ў далёкі шлях. Так мы звяртаемся да душ продкаў, якія насялялі гэту хату, з просьбай аб апецы, дапамозе.

«Праз парог не вітайся», – казала нам бабуля. Будзе спрэчка. У час вяселля малады маладую нясе праз парог. Ён сімвалічна аберагае яе ад духаў продкаў, як чалавека новага ў хаце.

«Спатыкнуўся аб парог – чакай непрыемнасцей». Маленькіх дзяцей купалі на парозе, каб не баяліся сурокаў. Дзіцячы спалох лячылі, льючы ваду на парог.

Вось такая магічная сіла ў парозе. Пераступаем яго і трапляем у святліцу, дзе знаходзяцца розныя рэчы вясковага побыту.

Каля парога – падкова на шчасце. «Няхай ўсяго будзе багата і шчасцем поўніцца хата».

Трэці экскурсавод: У першым раздзеле «Прадметы хатняга ўжытку» нашага этнаграфічнага музея сабраны хатнія прадметы.

«Жыта», «хлеб», «жыццё». Гэтыя словы, як і ў даўнія часы, так і цяпер жывуць побач з намі. Нашы дзяды і прадзеды выпякалі хлеб. У невялікай дзежачцы ставілі рошчыну. У яе дабаўлялі варанай тоўчанай бульбы, каб хлеб быў мяккі і пульхны. Потым цеста ставілі на цёплую печ на 1-2 гадзіны, каб яно падышло.

І вось печ выпалена, з яе выграбаюць вуголле, попел вымятаюць мокрым венікам. Маці або бабуля абгладжвае рукамі, змочанымі ў вадзе, круглыя боханы. Потым кладзе іх на драўляную лапату, засланую аерам або кляновым лісцем.

...Надыходзіць урачысты момант. Хлеб дастаюць з печы, кладуць на ільняныя ручнікі, зверху змочваюць вадой і накрыаюць ручнікамі. А па хаце плыве прыемны пах свежага хлеба, пах працы хлебаробаў, якія кармілі і кормяць нас, якім мы павінны аддаць нізкі паклон.

Вельмі смачны хлеб, ды яшчэ з маслам. Вось перад вамі бойка, на якой даўней білі масла.

Вось ступа, у якой нашы продкі таўклі крупы. Ячмень змочвалі вадой на 2-3 гадзіны, потым ваду злівалі, а зерне таўклі, сушылі, правейвалі-палалі ў начовачках драўляных. Атрымоўвалі ячменныя крупы, якія называем цяпер пярлоўкай.

Гліняны посуд: збаны, глякі, міскі, кубкі – неабходныя рэчы ў гаспадарцы, бо ў іх захоўваліся малако, смятана, тварог, масла, топленае сала.

Чацвёрты экскурсавод: Наступны наш раздзел – гэта «Прылады працы сялянскай хаты ў полі і ў лузе».

Есць у нас серп, без якога немагчыма было сабраць ураджай. З песнямі-зажынкамі пачыналі маладыя жнейкі працу. І нездарма імі любуюцца ўсе:

На грудзях шчаслівых

Каптанок ружовы,

У руцэ сярпочак,

Зублены, сталёвы.

 Але сабраны і звезены снапы на ток. І тут гаспадар змяняе гаспадыню. Ён бярэцца за цэп, якім малацілі жыта, авёс і ячмень. Каса, граблі, рагуля – прылады працы ў лузе, дзе касілі травы, рушылі сена, вяршылі стагі.

Прылады працы гаспадара – гэта саха, барана, сякера, малаток. На жаль, саху, барану нам прыдбаць пакуль не удалося.

А вось гаспадыніны прылады: прас, качалкі. Прас награваўся вуглём, які брасаўся з печы. Прасавалі адзенне святочнае, лепшае. А будзённае і бядізну, у асноўным ільняную, разгладжвалі з дапамогай качалак.

Шмат клопату мела гаспадыня і з мыццём бялізны ў даўнія часы. З попелу варылі шчолак, замочвалі ў ім бялізну, а потым паласкалі ў рацэ ці ў сажалцы, выбіваючы бруд пранікам.

Бялізну мылі ў ночвах, якія рабілі з мяккай драўніны – з ліпы. Гэтыя ночвы служылі калыскай для дзяцей.

У першай палове XIX стагоддзя атрымоўвае далейшае развіццё народная творчасць. Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, на непасільную працу, беларусы не страцілі пачуцця прыгажосці.

Вышыўкі на святочным адзенні, ткацтва, вязанне шыдэлькамі і прутамі, разьба па дрэве, якой упрыгожвалі хатнія рэчы, ганкі, вароты сведчаць аб высокім мастацкім гусце народа. Беларускіх майстроў запрашалі нават у Пецярбург і Маскву.

Пяты экскурсавод: Раздзел называецца: «Дабрабыт і духоўнасць у хаце»

У. Караткевіч казаў, што праз куфар відаць жыццё чалавека. Што гэта за рэч, і якое месца ён займае ў хаце?

Надзеў на вяселле

Прыгожы кафтан

На возе рассеўся

І едзе, як пан.

Куфар часта згадваецца ў вясёлых песнях. Дзяўчына збірала пасаг, складвала ў куфар. І калі ішла пад вянец, перавозіла куфар у хату жаніха.

Рабілі куфры з дошак, на падстаўках-ножках. Канты, пярэднія сценкі акоўвалі майстры-мужчыны, размалёўвалі куфры жанчыны. На куфры расцвіталі кветкі, зелянелі галінкі, залаціліся каласы, сінеў лён. У куфры захоўвалі тканіны, адзенне, каштоўныя рэчы.

У пахучым куфры важка ўсё ляжала,

Што сама бабуля працай рук прыдбала.

Быццам водар з поля пранясло ля хаты,

Так запахла лугам, чабаром і мятай.

         Яшчэ адзін пачэсны кут ёсць у вясковай хаце...

         Покуць – гэта куточак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы. Яны маўклівай малітвай асвячаюць хату і жыццё людзей. Покуць прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі- набожнікі. І зімою тут залацяцца галінкі асвечанай вярбы, пучкі жытнёвых каласоў і траў. За абразамі трымаюць бутэлечку са свячонай вадою – лекамі ад розных хвароб.

Шосты экскурсавод: Наш раздзел называецца «Ручнік».

         Ручнік асэнсоўваўся як абавязковы атрыбут шэрагу абрадаў. Яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, з’яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха. Ручнікі павязвалі цераз плячо важнейшых удзельнікаў вяселля. Іх пасцілалі як “падножнік”, на які станавіліся маладыя ў час царкоўнага вянчання. У фальклорных творах (найперш у народных песнях) выраз на ручнічок стаць ужываецца ў значэнні “вянчацца”. Ручнікі выкарыстоўвалі таксама для абрадавага звязвання маладых, для абгортвання рук нявесты і жаніха ва ўрачыстыя моманты вяселля. Ручнік, завязаны на руку, дапаўняў вясельны касцюм маладой. Як знак жалобы ручнікі вывешвалі за акно на Дзяды.

         У час засухі, эпідэмій, вайны і іншых няшчасцяў жанчыны ўсяго сяла ткалі на працягу дня ці ночы абыдзённік, які выконваў функцыю апатрапея.

         На Сёмуху іх ахвяроўвалі бярозе як духу расліннасці, на Купалле разам з вянкамі з жывых кветак развешвалі на прыдарожныя крыжы.

Першы экскурсавод: Часцей азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці – у бацькоўскай хаце, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.

Дзякуй за ўвагу!     

                                                      

    


 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.